ХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галі на цяжкай індустрыі, на прадпрыемствах якой выкарыстоўваюць хім. метады перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў, атрымліваюць розную хім. прадукцыю (арган. і неарган. хімікаты, мінер. ўгнаенні і сыравіну для іх, фарбавальнікі, хім. валокны і інш.). Да Х.п. адносяцца: бытавой хіміі прамысловасць, лакафарбавая прамысловасць, сінтэтычных смол і пластычных мас прамысловасць, сінтэтычных фарбавальнікаў прамысловасць, хімічных валокнаў прамысловасць і інш.

Прадпрыемствы Х.п. з’явіліся ў 1-й пал. 18 ст. ў Вялікабрытаніі, Францыі і былі звязаны пераважна з вытв-сцю кіслот і соды. У 1-й пал. 19 ст. ў Вялікабрытаніі пачалі вырабляць штучныя ўгнаенні. У пач. 20 ст. наладжана вытв-сць пластмас і штучных валокнаў. Інтэнсіўнае развіццё Х.п. пачалося пасля 2-й сусв. вайны. Найб. развіта ў ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Расіі і інш.

На Беларусі ў пач. 20 ст. дзейнічалі невял. прадпрыемствы лесахіміі, па вырабе пакосту, метылавага спірту, каніфолі, шкіпінару і фарбаў. Асн. прадпрыемствы створаны ў 1960-я г. У 2000 працавала 70 прадпрыемстваў Х.п., найбуйнейшыя з іх: «Беларуськалій», Брэсцкі завод бытавой хіміі, Гомельскі хімічны завод, Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот», Лідскі лакафарбавы завод, Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «Олі-Бела» і інш. Прадпрыемствы Х.п. ёсць у Пінску, Мазыры, Бабруйску, Барысаве, Кобрыне і інш. У 1995 выраблена мінер. угнаенняў 3345 тыс. т, сернай к-ты 437 тыс. т., сінт. мыйных сродкаў 4,8 тыс. т, у 2001 адпаведна 4379 тыс. т, 534 тыс. т, 8,3 тыс. т.

П.​І.​Рогач.

т. 17, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)